Голосование
Есть ли необходимость в открытии дежурной группы на базе ГУО "Ясли-сад д. Бенякони"?
Всего 17 человек

Кот Максім

Дата: 28 сентября 2018 в 14:03
Автор: Кошель А. Т.

Жылі дзед і баба. Мелі яны сына і ката. Сына звалі Марцінам, а ката - Максімам.

Памерлі дзед і баба. Застаўся Марцін з катом Максімам.

Марцін гультай быў вялікі, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насіў: то птушку дзе зловіць, то каўбасу ці сала ў суседзяў украдзе...

Вось так жылі яны, жылі - згарэла хата, адна гліняная печ засталася.

- Што рабіць будзем? - пытаецца кот у гаспадара. - Трэба хату будаваць.

- Ат, - кажа Марцін, - навошта нам хата? Хопіць і печы.

Пажылі яны з год на печы, а тут і печ развалілася.

- Што рабіць будзем? - зноў пытаецца кот у гаспадара.

- Ты, - кажа Марцін, - як сабе хочаш, а я надумаўся жаніцца: вазьму багатую жонку, яна мне пабудуе хату.

- Хто за такога гультая пойдзе замуж? - сьмяецца кот. - Ты-ж толькі любіш ляжаць на печы, у цябе і выгляд нечалавечы.

- Пойдзе! - кажа Марцін. - Няма чаго сьмяяцца! Сама царэўна пойдзе. Ідзі, Марцін, да цара. Скажы яму - так і так: пан Марцін, па прозьвішчу Глінскі-Папялінскі, сватаецца да тваёй дачкі. Ну і зрабі ўсё, як трэба: нагавары яму, што багацейшага за мяне пана ўва ўсім царстве не знайсьці...

- Цяжкую ты загадаў мне службу, пан Марцін Глінскі-Папялінскі, - кажа кот.

- Нічога, ідзі, а то папругі дастанеш! - пагразіў яму гаспадар.

- Ну што-ж, паспрабую шчасьця.

Нанасіў кот гультаю Марціну яды ў запас, каб той з голаду не памёр, а сам выправіўся ў далёкую дарогу.

Ідзе ён, ідзе, прыходзіць у лес. Бяжыць насустрач заяц.

- Куды, кот, ідзеш? - пытаецца ён.

- Да цара.

- Чаго?

Кот падумаў і кажа:

- На суд...

- На які суд?

- Праўды хачу дайсьці.

- Якой праўды?

- А вось якой. Дзе што котка ўкрадзе або нашкодзіць - усё на ката звальваюць. Кот, кажуць, сьмятану зьлізаў, кот сала ўкраў... А ката там і блізка ня было. Не магу я пярпець такога паклёпу на сябе.

- Пайду хіба і я з табою! - кажа заяц.

- Чаго?

- Таксама на суд. Дзе што зайчыха зробіць - усё на зайца кажуць. Хто ў садзе прышчэпы папсаваў? Заяц! Каго сабакі ганяюць? Зайца! А там зусім і ня заяц быў, а зайчыха. Не магу я такой няславы цярпець. Пайду да цара на суд.

- Дык што-ж ты - адзін пойдзеш? -кажа кот. - Хто табе аднаму на судзе паверыць. Там трэба сьветкі мець.

- А ты чаму адзін ідзеш?

- Ну, у мяне іншая справа. Там у мяне дзядзькі, бацькі, дзяды, браты жывуць. Усе па слову скажуць, мне і павераць. Вось каб ты набраў сотні тры сьветак, тады можна сьмела ісьці.

Як пакоціцца заяц, як наробіць крыку на ўвесь лес:

- Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Тут, як бачыш, з усіх бакоў пасыпаліся зайцы.

Назьбягалася іх цэлая чарада.

Прывёў кот Максім зайцоў да царскіх палацаў. Бачыць - на дварэ вялікі хлеў стаіць. Ён і кажа зайцам:

- Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару.

Зайцы паскакалі ў хлеў, а кот - бразь! - ды і зачыніў іх там на засаўку.

Ідзе ён да царскіх палацаў, падскокваючы, у лапкі плешчучы.

Узыходзіць на ганак, стукае ў дзьверы:

- Адчыніце!

Адчыніў яму салдат-вартавы.

- Чаго трэба? - пытаецца.

- Пакажы, дзе цар жыве.

Салдат паказаў.

Увайшоў кот Максім у вялікі пакой, а там цар сядзіць.

- Добры дзень, ваша вялічаства-вымператарства!

- Добры дзень, каток! - адказвае цар. - Што скажаш?

- Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі гасьцінчыка.

- Дзе-ж той гасьцінчык?

- У хляве.

Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў, як зачыніць.

- Мусіць, дужа багаты твой гаспадар, калі гэтулькі зайцоў прыслаў? - дзівіцца цар. - Мусіць, у яго яшчэ больш ёсьць.

- Ён, панок-царок, такі багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькі гаспадыні ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць.

Павёў цар ката ў палацы, накарміў, напаіў, ды яшчэ і на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў.

Вярнуўся кот Максім дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў.

Разьвязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогі засталося, і пачаў карміць гаспадара.

Акрыяў сяк-так пан Глінскі-Папялінскі ды пытаецца ў ката:

- Ну, што табе цар сказаў?

- Нічога цікавага, - кажа кот.

- Дык ідзі яшчэ раз да цара. Толькі нанасі мне больш яды ў запас.

Нанасіў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара.

Прыходзіць у лес, а тут насустрач яму воўк:

- Куды ідзеш, кот?

- Да цара.

- Чаго?

- На суд.

І расказаў ваўку, на які суд ён ідзе. Воўк кажа:

- Дык і я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаяць.

- Аднаму табе суд не паверыць, - кажа кот.

- А ты чаму адзін ідзеш?

- Што ты параўняўся зы мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе навет сабакі ўцякаюць, калі дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькі, бацькі, дзяды, браты...

- Дык што-ж мне рабіць?

Зьбяры сотні тры сьветак, тады павераць.

Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:

- Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Назьбіралася ваўкоў з усяго лесу.

Павёў іх кот Максім да цара.

Прыходзяць на царскі двор. Нецярплівыя ваўкі кажуць:

- Мы першыя пойдзем на суд.

- Не, - кажа кот, - мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу і вас паклічу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.

Ваўкі падагнулі хвасты ды пацягнуліся ў хлеў. Як толькі зайшлі ўсе, кот - бразь! - і зачыніў іх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкі плешчучы.

Узыходзіць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчыніў яму. Кот проста да царскіх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.

- Што скажаш, каток? - пытаецца цар.

- Так і так, - кажа кот Максім, - прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі новы гасьцінчык.

- Добра, - кажа цар.

Прыйшоў у хлеў, глядзіць, а там ваўкоў лікам-нялічана: і ў загарадках поўна набіта і яшчэ пад страхою, на вышках, процьма.

Загадаў цар ваўкоў пабіць, усім слугам футры пашыць, а кату кажа:

- Перадай пану Глінскаму-Папялінскаму: няхай сам да мяне ў госьці прыедзе.

Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасіць гаспадара. Ледзьве дабудзіўся.

- Уставай, - кажа, - я ад цара прыйшоў.

Раскатурхаўся сяк-так Глінскі-Папялінскі, пытаецца:

- Што цар сказаў?

- Сказаў, каб ты сам да яго ў госьці ехаў.

Пачухаў Глінскі-Папялінскі патыліцу:

- У чым-жа я паеду? Я-ж голы, як бізун.

- Нічога, - кажа кот, - што-небудзь прыдумаем.

Сабраліся яны і бягом пабеглі да цара.

Бягуць, бачаць - недалёка ля гасьцінца цэлае войска салдат сьпіць. Кот спыніў гаспадара.

- Пачакай, - кажа, - тут.

А сам крадкам пайшоў да войска. Назьнімаў у сонных салдат шапак і напакаваў імі два мяхі. Адзін мех на плечы ўськінуў, другі гаспадару даў. І пайшлі сабе далей.

Падыходзяць да рэчкі. Кату піць захацелася. Паставіў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакінуў, а сам палез у рэчку ваду піць. Напіўся вады, бачыць - паўзе рак у нару. Кот схапіў яго за вус і выкінуў на бераг.

Рак пачаў прасіцца:

- Пусьці мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.

Кот падумаў і кажа:

- Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу?

- У вадзе, - кажа рак, - любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.

- Падкапай да раніцы маставыя слупы, - загадаў кот.

- Добра, - кажа рак. - Гэта я магу.

Пусьціў кот рака, і той адразу-ж ухапіўся за работу.

- А ты, - кажа кот Марціну, - як толькі абваліцца мост, раськідай шапкі па вадзе і чакай мяне тут.

Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.

Прыбягае, дакладвае цару:

- Так і так, ваша вялічаства-вымператарства... Ехаў да цябе ў госьці мой гаспадар, пан Глінскі-Папялінскі, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота і коньніца патапілася, адзін ён застаўся голы, бо абмундзіраваньне з вадою сплыло...

Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзіў, прыехаў да маста. Глядзіць, і праўда: толькі шапкі ад войска па вадзе плаваюць.

Паспачуваў цар пану Глінскаму-Папялінскаму ды загадаў лепшым сваім краўцом і шаўцом пашыць яму новае абмундзіраваньне.

Як бачыш пашылі краўцы і шаўцы новае абмундзіраваньне. Адзеўся Глінскі-Папялінскі, прыхарашыўся і паехаў з царом у палацы.

Пагаманіў зь ім цар, пачаставаў, а потым і кажа:

- А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калі ты і праўда такі багаты, дык аддам за цябе дачку.

Спужаўся Глінскі-Папялінскі: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак - адна гліняная печ, ды і тая развалілася.

Пачуў пра гэта кот Максім. Паклікаў ён свайго гаспадара ўбок і шэпча яму:

- Ня бойся! Усё добра будзе.

Запраглі царскія канюхі самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту і паехаў. А кот наперадзе пабег - дарогу паказваць.

Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавіча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухі вялікую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.

- Чые вы? - пытаецца.

- Зьмея Гарынавіча.

Кот натапырыў вусы, грозны стаў:

- Не кажыце нікому, што вы пастухі Зьмея Гарынавіча, а кажыце - Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.

Сказаў так кот Максім і пабег далей. Сустракае вялікую чараду коней. Падбег да канюхоў і пытаецца:

- Чые вы, канюхі?

- Зьмея Гарынавіча.

- Не кажыце, што вы Зьмея Гарынавіча, а кажыце - пана Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.

Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў.

- Чые вы? - пытаецца ў іх цар.

- Пана Марціна Глінскага-Папялінскага, - адказваюць пастухі.

- О, - дзівіцца цар, багаты пан Глінскі-Папялінскі!

Гэтак-жа адказалі і канюхі.

Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Зьмея Гарынавіча. Убачыў самога Зьмея і крычыць.

- Хавайся, Зьмей Гарынавіч! Едзе Гром зь Пяруном - ён цябе заб'е і на муку сатрэ.

Спужаўся Зьмей Гарынавіч:

- Куды-ж мне схавацца?

Кот паглядзеў і ўбачыў вялікае дуплё ў старой ліпе.

- Лезь хутчэй сюды! - кажа Зьмею.

Залез Зьмей у дуплё, а кот забіў дуплё паленам ды яшчэ і глінаю замазаў. Потым пабег да Зьмеевых слуг.

- Чые вы? - пытаецца.

- Зьмея Гарынавіча.

- Не кажыце нікому, што Зьмея Гарынавіча, а кажыце, што пана Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.

- Добра, - кажуць напалоханыя слугі.

Прыехаў цар у маёнтак Зьмея Гарынавіча. Слугі кінуліся сустракаць яго.

- Чый гэта маёнтак? - пытаецца цар.

- Пана Марціна Глінскага-Папялінскага! - у вадзін голас адказалі слугі.

- Ну, што-ж, - кажа цар, - сапраўды багаты пан Глінскі-Папялінскі. Аддам за яго дачку.

Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклікаў музыкаў і загадаў іграць вясельле.

Усяго там было: хто хацеў, тое піў і еў. І я там быў, еў і піў, па барадзе цякло, а ў роце ня было.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.